Правядзенне сельскіх сходаў з’яўляецца адной з форм прафілактыкі правапарушэнняў на тэрыторыі Бераставіцкага раёна. З гэтай мэтай 25 кастрычніка ў аграгарадку Канюхі адбыўся сход грамадзян, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Шляхотка, галоўны інжынер Бераставіцкага раёна газазабеспячэння Андрэй Канецкі, начальнік раённай энергаінспекцыі Наталля Лукашэвіч, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Вадзім Палякоў і іншыя.
Перад пачаткам мерапрыемства супрацоўнікі РАНС арганізавалі для вучняў мясцовай школы выставу аварыйна-выратавальнага абсталявання і тэхнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Дзеці не толькі пабачылі абсталяванне, якое выкарыстоўваецца выратавальнікамі для праду­хілення і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, але і мелі магчымасць прымерыць касцюмы выратавальнікаў, а таксама пасядзець у кабіне пажарнай машыны.
Выступаючы на сходзе, на­чальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Шляхотка пазнаёміў усіх прысутных з аператыўнай абстаноўкай па пажарах на тэрыторыі нашага раёна. Ён параіў мясцовым жыхарам праверыць спраўнасць пячнога абсталявання, паколькі з пачаткам ацяпляльнага сезону колькасць пажараў па прычыне яго няспраўнасці павялічваецца. Аляксандр Сяргеевіч яшчэ раз нагадаў пра неабходнасць абсталявання жылых дамоў аўта­номнымі пажарнымі апавяш­чальнікамі і зазначыў, што адносна невялікая сума, затрачаная на набыццё дадзенага прыбора, можа засцерагчы ад куды большых страт, выявіўшы пажар на пачатковай стадыі.
Завяршаючы сваё выступленне, Аляксандр Шляхотка адзначыў, што з 16 кастрычніка на Бераставіччыне праводзіцца рэспубліканская акцыя “За бяспеку разам”. Напрыканцы супрацоўнікі РАНС прадэманстравалі ўсім прысутным відэафільм аб неасцярожным абыходжанні з агнём, дзе паказана, да якіх наступстваў можа прывесці чалавечая бестурботнасць.
Прадстаўнік Бераставіцкага раёна газазабеспячэння Андрэй Канецкі нагадаў пра неабходнасць замены старога газавага абсталявання на новае (пры неабходнасці), звярнуў увагу прысутных на абавязковае выкананне правілаў карыстання газам у побыце, а начальнік раённай энергаінспекцыі Наталля Лукашэвіч прывяла наглядныя прыклады крадзяжу электраэнергіі, зафіксаваныя на тэрыторыі не толькі Бера­ставіцкага раёна, і расказала аб мерах пакарання за здзяйсненне падобнага злачынства.
Не засталіся па-за ўвагай і пытанні законнасці і правапарадку ў раёне. Прааналізаваў статыстычныя дадзеныя аб колькасці здзейсненых злачынстваў па сельсаветах начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Вадзім Палякоў. Ён адзначыў, што ў параўнанні з мінулым годам узрасла дзіцячая злачыннасць. Калі летась па Бераставіцкаму раёну было зарэгістравана толькі два выпадкі, то на дадзены момант зафіксавана ўжо чатыры.
Вынікі сельскага сходу падвёў старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык.

 авпрт