Сёння наша краіна адзначае важнае дзяржаўнае свята – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыя – гэта атрыбут суверэнітэту, галоўны закон, які рэгулюе ўзаемаадносіны грамадзяніна і дзяржавы, з’яў­ляецца фундаментам для развіцця яе прававой сістэмы.
Яе асноўныя палажэнні накі­раваны на захаванне сацыяльна-палітычнай стабільнасці ў грамадстве, абарону правоў і свабод грамадзян, забеспячэнне зладжанай і эфектыўнай работы ўсіх галін народнай гаспадаркі.
Ведаць асноўны Закон, каб магчы ў неабходным выпадку абараніць свае правы і свабоды, і няўхільна выконваць абавязкі перад дзяржавай, ускладзеныя Канстытуцыяй, павінен кожны з нас. А асабліва маладым людзям, якія пачынаюць свой шлях у самастойнае жыццё, трэба вывучаць правы і гарантыі, якія дае ім дзяржава, знаёміцца з адказнасцю, якую нясе кожны грамадзянін. Таму і выхаванне павагі да галоўнага закона сваёй краіны з’яўляецца адным з накірункаў ідэйна-патрыятычнага выхавання моладзі.
Да Дня Канстытуцыі ў навучальных установах раёна прымеркаваны шэраг выхаваўчых мерапрыемстваў, якія маюць на мэце павышэнне прававой культуры дзяцей і падлеткаў. Гэта інфармацыйныя гадзіны, віктарыны на веданне Асноўнага Закона, круглыя сталы, дыспуты і іншыя.
У Канюхоўскім яслях-садзе-сярэдняй школе, дзе я пабывала напярэдадні Дня Канстытуцыі, таксама адказна падышлі да арганізацыі мерапрыемстваў з гэтай нагоды. Адным з найбольш цікавых мерапрыемстваў стаў вусны часопіс да Дня Канстытуцыі, арганізаваны для вучняў 9-11 класаў настаўнікам грамадазнаўства Вольгай Шчука. У час яго Вольга Леанідаўна расказала маладым людзям, што Дзень Канстытуцыі напамінае нам аб тым, што неабходна фарміраваць канстытуцыйную культуру грамадства, каб кожны грамадзянін з павагай адносіўся да Асноўнага Закона сваёй краіны, да замацаваных у ім нормаў і прынцыпаў, кіраваўся імі ў паўсядзённай дзейнасці, строга і няў­хільна выконваў іх. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі, што такое Канстытуцыя, паўдзельнічалі ў невялікай віктарыне і выканалі творчае заданне – стварылі сацыяльны плакат, прысвечаны святкаванню Дня Канстытуцыі.
– Я лічу, што знаёмства з Асноўным Законам нашай краіны трэба пачынаць раней, чым толькі на ўроках па грамадазнаўству ў 10 і 11 класах, – адзначыла Вольга Леанідаўна. – Свае правы і абавязкі маленькія грамадзяне нашай краіны павінны вывучаць са школьных гадоў, каб у будучым займаць актыўную жыццёвую пазіцыю і быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны.
Я пацікавілася ў некаторых удзельнікаў мерапрыемства, што яны лічаць найбольш важным у Канстытуцыі нашай краіны.
Павел Буры, вучань 11 класа:
– Для мяне галоўнае, што па Канстытуцыі ўсе грамадзяне нашай краіны роўныя перад законам, гэта значыць, што незалежна ад сацыяльнага статусу, той, хто парушыў закон, будзе адказваць па ўсёй яго строгасці.
Карына Юхнюк, вучаніца 9 класа:
– Мяне радуе, што Канстытуцыя гарантуе права атрымання бясплатнай адукацыі, гэтай магчымасцю можа скарыстацца кожны, хто мае веды і здольнасці.
Анжэліка Панасевіч, вучаніца 9 класа:
– Вельмі важна таксама, што ўсе мы маем права на працу. У хуткай будучыні нам прыйдзецца знайсці сваё месца ў жыцці, і вельмі добра, што дзяржава ў гэтым дапамагае і гарантуе першае працоўнае месца для маладых спецыялістаў.
Усе ўдзельнікі мерапрыемства зышліся на думцы, што паважаць і выконваць Канстытуцыю – значыць, паважаць не толькі сваю дзяржаву, але і самога сябе. Бо з чалавекам, які не ведае сваіх правоў і абавязкаў, ніхто не будзе лічыцца.

стр

мт

пас

ст

сапт

ап

еоап