Яшчэ да пачатку ўрачыстага адкрыцця “Бераст-Фэста” вуліца Леніна ад школы да ўвахода ў сквер імя 500-годдзя Вялікай Бераставіцы пераўтварылася ў сапраўдны горад майстроў. Каля 50 рамеснікаў, народных майстроў з Гродзеншчыны і з другіх вугалкоў Беларусі прыехалі ў Бераставіцу, каб прадставіць свае вырабы на  выставе-кірмашы і падзяліцца некаторымі сакрэтамі майстэрства.

Ганчарныя, саламяныя вырабы, вырабы з лазы, дрэва і металу, вышыванкі, цацкі, упрыгожванні –у рамесленых радах вочы разбягаліся ад разнастайнасці і прыгажосці прадстаўленых вырабаў. 

Акрамя таго, людзі, якіх Бог не абдзяліў талентам і залатымі рукамі, ахвотна праводзілі майстар-класы і вучылі жадаючых свайму майстэрству.

Напрыклад, майстар-клас па ганчарству праводзіла сям’я Худзяевых  з агарагарадка Галынка Зельвенскага раёна.

— Ганчарствам займаемся 13-ы год, — расказалі ганчары. – Мы сакрэтаў не хаваем і ахвотна падзелімся імі з усімі жадаючымі.

    

 Каля 30 гадоў займаецца пляценнем з лазы Сафія Завана з Гродна, яе  плеценыя з лазы карзінкі і кошыкі карысталілся на выставе-кірмашы шырокім попытам.