Напярэдадні Дня маці мнагадзетныя жанчыны, якія жывуць на тэрыторыі Канюхоўскага сельсавета, былі запрошаны на прыём да натарыуса Гродзенскай натарыяльнай акругі Юліі Крэўчык.

Гэта Вікторыя Пяцельчыц   – брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі, Аксана Мотыль    – прадавец кафэ “Алеся”, Наталля Рудая  і Жана Юхнюк – бухгалтары. Усе гэтыя жанчыны працуюць у КСУП “Макараўцы” і  выхоўваюць па трое дзетак. Руплівыя, клапатлівыя, працавітыя, дабразычлівыя, яшчэ даволі маладога ўзросту, яны заслужылі у сваіх калектывах павагу і аўтарытэт. Але прафесійная дзейнасць не перашкаджае выхоўваць паслухмяных і адказных дзетак, якія растуць, акружаныя ласкай і любоўю сваіх матуль.

Ва ўтульнай, цёплай атмасферы да мнагадзетных мам звярнуўся старшыня сельвыканкама Віталій Рудкін. Ён павіншаваў жанчын з Днём маці, пажадаў ім шчасця, дабрабыту, удзячнасці ад сваіх дзяцей, падзякаваў за іх дабрасумленнае выхаваннне.

Да віншаванняў далучылася Юлія Аляксандраўна. Яна пажадала мамам моцнага здароўя і поспехаў у нялёгкай працы, а таксама ўручыла ім салодкія пачастункі.