ЗВОНИТЕ

+375 15 11 75140

АДРЕС

Берестовицкий район, аг.Конюхи, ул. Центральная,89

10.12.2018 г. - Акцыя «Нашы дзеці»: кожны можа далучыцца

8 снежня на Бераставіччыне стартавала рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», якая традыцыйна праводзіцца напярэдадні калядных і навагодніх святаў і заклікана аказаць увагу і падтрымку дзецям, якія маюць найбольшую патрэбу ў клопаце з боку дзяржавы і грамадства.


Актыўна ўключыцца ў правядзенне дабрачыннай акцыі і раённае аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду.
— Мы ўжо пачалі збор добраахвотных ахвяраванняў для арганізацыі мерапрыемстваў у рамках акцыі “Нашы дзеці”, — гаворыць дырэктар раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Наталля Кудлаш. — Члены прэзідыума нашага грамадскага аб’яднання пастараюцца наведаць як мага больш арганізацый і ўстаноў раёна, каб расказаць аб дзейнасці Беларускага дзіцячага фонду і асабіста выказаць працоўным калектывам словы падзякі за ўдзел у праграмах Беларускага дзіцячага фонду, за неабыякавасць і спагадлівасць. Агульнымі намаганнямі мы зможам дабіцца таго, каб навагоднія і калядныя святы падарылі радасць і казку кожнаму дзіцяці, а асабліва тым, якія воляю лёсу знаходзяцца ў цяжкім становішчы.
Наталля Міхайлаўна адзначыла, што за сродкі Беларускага дзіцячага фонду будуць набыты больш за 70 навагодніх падарункаў для дзяцей-інвалідаў і дзяцей сіроцкай катэгорыі, якія ў сілу свайго ўзросту або стану здароўя не змогуць прыняць удзел у раённай дабрачыннай ёлцы. На гэтыя мэты будзе накіравана больш за 520 рублёў.
Акрамя таго, навагоднія пада­рункі ад Беларускага дзіцячага фонду атрымаюць і дзеці, якія не наведваюць установы адукацыі, а навучаюцца дома. Сумесна з валанцёрскім атрадам «Добрае сэрца» Вялікабераставіцкай сярэдняй школы запланавана іх віншаванне з навагоднімі святамі падчас акцыі «Падары ўсмешку дзецям».
Сродкі раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду будуць накіраваны і на набыццё прызоў для правядзення разнастайных конкурсаў падчас раённай дабрачыннай ёлкі, на арганізацыю святочнага пасяджэння клуба прыёмных бацькоў «Сямейны ачаг».
На правядзенне гэтых мера­прыемстваў патрэбны немалыя сродкі, таму Наталля Міхайлаўна ад імя прэзідыума раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду заклікала кіраўнікоў і працоўныя калектывы Бераставіччыны аказаць пасільную дапамогу і ўключыцца ў збор добраахвотных ахвяраванняў, каб напярэдадні Калядаў і Новага года святочныя падарункі атрымалі і тыя дзеці, якія маюць у гэтым найбольшую патрэбу.

Вверх