“Бераставіцкія ўзоры” ад Марыі Кажанеўскай і Алены Барцэвіч з вескi Плебанауцы Канюхоускага сельсавета.

 
 

Працягам дзейнасці Бераставіцкага раённага цэнтра народнай творчасці па захаванні і трансфармацыі ў сучаснае ассяроддзе аб’ектаў матэрыяльнай культурнай спадчыны стала абласная выстава “Бераставіцкія ўзоры” членаў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Марыі Уладзіславаўны Кажанеўскай і Алены Адольфаўны Барцэвіч з вёскі Плябанаўцы.Чытачам “раёнкі” гэтыя майс­трыхі ўжо вядомыя, дзякуючы артыкулу, надрукаванаму на старонках газеты ў мінулым годзе пасля этнаграфічнай вандроўкі ў вёску Плябанаўцы і знаёмства з творчасцю мясцовых ткачых. Адзначым толькі, што ў свой час Марыя Уладзіславаўна і Алена Адольфаўна не толькі ткалі для сябе, але і стварылі цэлую калекцыю дываноў для Бераставіцкага Дома рамёстваў, удзельнічалі з выставамі сваіх вырабаў у раённых і абласных мерапрыемствах, былі актыўнымі ўдзельніцамі аматарскай творчасці пры мясцовым сельскім клубе. Да сённяшняга часу ў жанчын захоўваецца звыш 60 узораў пераборнага і закладнога ткацтва, распаўсюджанага на тэрыторыі гродзенскага рэгіёна. Менавіта яны і сталі асновай экспазіцыі “Бераставіцкія ўзоры”, якая адкрылася 15 мая ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і працягне сваю работу да 11 ліпеня. Урачыстае адкрыццё выставы адбылося ў прысутнасці саміх майстрых, іх родных і блізкіх, а таксама адміністрацыі Гродзенскага АМЦНТ і наведвальнікаў-аматараў народнай творчасці. З уступным словам да гасцей мерапрыемства звярнуўся вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклору Андрэй Петрук. Ён пазнаёміў прысутных з гісторыяй развіцця ткацтва на Гродзеншчыне.