Штогод у першую нядзелю верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень беларускага пісьменства – урачыстасць у гонар вядомых асветнікаў, дзяржаўных і рэлігійных дзеячаў, якія заклалі падмурак беларускай адукацыі і пісьменства.
Упершыню свята адзначылі ў 1994 годзе ў старажытным горадзе Полацку. За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў значнай падзеяй культурнага жыцця краіны.
Сёлета 31 жніўня -1 верасня пляцоўкай святкавання Дня беларускага пісьменства стане Слонім. Тут пройдуць мерапрыемствы, закліканыя папулярызаваць усё лепшае і наватарскае ў айчыннай пісьмовай культуры, роднай мове і літаратуры.

Чым адметны Слонім?

Слонім – асаблівае месца ў гісторыі нашай краіны.
Гэты горад і раён звязаны з імёнамі дзясяткаў таленавітых людзей. На Слонім­шчыне багатыя літаратурныя, мастацкія, краязнаўчыя, гісторыка-асветніцкія традыцыі.
У XV-XVI стагоддзях горад знаходзіўся ў карыстанні некалькіх буйных феадалаў. З 1586 года ім валодаў літоўскі канцлер Леў Сапега, з імем якога звязаны росквіт горада. Сёння тут ёсць плошча, названая ў гонар канцлера, а на свяце пісьменства будзе адкрыты яму помнік.
Росквіт Слоніма ў другой палове XVIII стагоддзя звязаны з дзейнасцю вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага (1728-1800). У Слоніме ён пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, па яго ініцыятыве і на яго сродкі быў пабудаваны канал (1763-1783), які злучыў прыток Прыпяці Ясельду са Шчарай, а ў межах горада выраўнаваў рукаў Шчары. З імем Агінскага звязана дзейнасць прыдворнага тэатра, створанага прыкладна ў 1770 годзе. У ім працавалі прафесійныя італьянскія і польскія оперныя і драматычныя акцёры, мастакі, прыгонны хор і балет. Шырокай вядомасцю карыстаўся Слонімскі аркестр (капэла) – адзін з самых вялікіх прыдворных аркестраў Еўропы таго часу як па колькасці выканаўцаў (53 чалавекі), так і па наяўнасці музычных інструментаў.

Што адбудзецца
на Бераставіччыне?

Мерапрыемствы ў рамках Дня беларускага пісьменства пройдуць не толькі ў Слоніме, але і па ўсёй рэспубліцы. На Бераставіччыне ў верасні традыцыйна стартуе Тыдзень славянскай пісьменнасці і культуры.
Чытачоў раённай бібліятэкі чакае акцыя “Чытаю і размаўляю па-беларуску”. У Малабераставіцкай ІСБ адбудзецца гістарычнае падарожжа “Сімеон Полацкі: беларускі асветнік пры двары расійскіх цароў”. Знаёмства з беларускімі асветнікамі пройдзе ў дзіцячай бібліятэцы ў форме літаратурна-гістарычнага падарожжа “Светачы зямлі беларускай”, а таксама ў Макараўскай СБ падчас гісторыка-пазнавальнай гадзіны пад назвай “Першадрукары і выдаўцы”. У Пагранічнай СБ будзе праведзена прэзентацыя вядомага дзіцячага часопіса “Вясёлка”. Увогуле ж, ва ўсіх бібліятэках раёна запланаваны гучныя чытанні, кніжныя выставы, бібліяграфічныя агляды, адкрытыя прагляды літаратуры і іншыя мерапрыемствы, якія традыцыйна праводзяцца бібліятэкарамі сумесна з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі.

Бераставіцкія
тэматычныя пляцоўкі
ў Слоніме

На свяце ў Слоніме будуць аргані­заваны тэматычныя пляцоўкі Бера­ставіцкай райбібліятэкі і рэдакцыі “Бераставіцкай газеты”.
На пляцоўцы райбібліятэкі будуць прад­стаўлены краязнаўчыя выставы “Сілуэты малой радзімы: помнікі архітэктуры Бера­ставіцкага краю”, “Давай пройдзем пешшу па вуліцах Бераставіцы” (аб паходжанні назваў вуліц гарпасёлка), “Родныя краявіды” фатографа-аматара А. М. Радзівічэні, карцін мастака М. Жлабовіча “Зямля мая, добрая”.
Вітаць гасцей на пляцоўцы будуць першыя, па легендзе, жыхары нашага мястэчка Бераст і Тавіца разам з роставай лялькай Вавёркай – сімвалам Бераставіцы. Адбудуцца майстар-класы па вырабу крэатыўных закладак для кніг, фігурак з пластыліну і магнітаў. Дзецям будзе прапанаваны аквагрым.
На свяце беларускага пісьменства традыцыйна будзе дзейнічаць выстава “СМІ Гродзеншчыны”, падчас якой супрацоўнікі “Бераставіцкай газеты” прэзентуюць друкаваны праект гэтага года – кнігу “Доўгія вёрсты вайны” (рэдактар-укладальнік Мікалай Пацэнка). Гэта кніга – вынік калектыўнай працы работнікаў Бераставіцкага райвыканкама, журналістаў “Бераставіцкай газеты”, музея Вавёркі і іншых.