Закрыйце вочы, няхай вашы думкі ляцяць далёка-далёка. Да небакраю. Прыслухайцеся, як дзесьці ўдалечыні гудзе камбайн. Гэты руплівец ведае сваю справу. Адчуйце прыемны, ледзь улоўны водар толькі што зжатага жыта. Уявіце, як нетаропка, нібы аглядаючы свае валоданні, кружыць у  блакітным небе бусел. Рамантыка, няйначай, вось толькі, каб адчуць сапраўдны “смак” жніва, трэба ехаць ў поле, да людзей, да рэальнага.

Чакаць такога падарожжа доўга не прыйшлося, бо зараз самы разгар ўборачнай кампаніі. Тым больш, гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з перадавікамі жніва, а іх у Бераставіцкім раёне не мала. Так, у ліку лепшых камбайнераў Гродзенскай вобласці апынуўся Віктар Ляховіч  з КСУП “Макараўцы”. Па стане на 3 жніўня ім было зжата 130 гектараў пасеваў і намалочана 786 тон зерня. А Васіль Кажура, з гэтага ж сельгаспрадпрыемства, дасягнуў  лепшых  паказчыкаў  па перавозцы збожжа (1095 тон) пасля вадзіцеляў  з Гродзенскага і Ваўкавыскага раёнаў.  

У гэты дзень збіраўся  пайсці дождж, а  ў хлебаробаў кожная хвіліна на вагу  золата. Экіпаж у складзе камбайнера Віктара Ляховіча і яго памочніка Юрыя Матукевіча засталі як раз пад час выгрузкі збожжа, таму выдалася некалькі хвілін для гутаркі. Калі Юрый Матукевіч пачатковец (працуе толькі першы сезон), то яго калега – сапраўдны карыфей. За яго плячыма тры сезоны ўборкі на “Доне-1500” і сёлетні дзясяты − на “MEGA-208”. Па словах экіпажа, працоўны дзень пачынаецца ў 7.30 раніцы і заканчваецца прыкладна а 11 гадзіне вечара. Змораныя спёкай, але шчаслівыя і задаволеныя праведзенай працай, яны вяртаюцца дадому. Дарэчы, Віктар Ляховіч, не толькі старанны працаўнік, але і  добры сем’янін. У яго ажно пяцёра  дзяцей.

За парадамі і дапамогай, калі гэта неабходна, працаўнікі звяртаюцца да агранома КСУП “Макараўцы” Паўла Сідаровіча.

Старшыня КСУП “Макараўцы” Алег Макулік характарызуе супрацоўнікаў як людзей добразычлівых, адказных і дысцыплінаваных. Адзначае, што з прафесіяналамі заўсёды прыемна мець справы, ды і працуецца лягчэй. Каб падтрымаць і заахвоціць хлебаробаў, ці нават падштурхнуць на новыя рэкорды, штодня на прадпрыемстве і камбайнер, і  вадзіцель  атрымліваюць грашовы талон у памеры ад 6 да 10 рублёў. А за 500 і 1000 умоўных тон зерня можна зарабіць дадатковыя 100 і 200 рублёў адпаведна.

− Увогуле, уборачная кампанія на прадпрыемстве пачалася 31 ліпеня, − працягвае Алег Макулік. – На сённяшні момант на палях працуе 11 камбайнаў. З 2160 гектараў зямель, адведзеных пад пасевы, абмалочана ўжо 580 га, гэта 27 % ад агульнай плошчы. Цешыць у гэтым сезоне ўраджайнасць. У параўнанні з мінулым годам, яна вышэй на 14,4 цэнтнера з гектара (61,5 ц/га). Спадзяёмся, што ўсё запланаванае ажыццявіцца і пры спакойнай пагодзе без дажджу справімся за 21 працоўны  дзень.

вар

пао

мрпь

прь